Ёсць пытанне?

Каментары? Прапановы? Напішыце нам!

Увядзіце сімвалы з малюнка

Нашае разуменне сітуацыі

Беларусь перажывае цяжкі эканамічны крызіс, наступствы якога востра адбіліся на грамадзянах краіны. Большасць экспертаў лічыць, што беларуская дзяржава, якая традыцыйна гуляла моцную патэрналісцкую ролю ў грамадстве, больш не будзе здольна забяспечваць такі ж узровень сацыяльнай падтрымкі. Эканамічная сітуацыя стварае перадумовы для пераасэнсавання грамадзянамі сваёй ролі ва ўласным жыцці і жыцці грамадства ў цэлым. Гэта асабліва актуальна на мясцовым узроўні.

Мы верым у тое, што трансфармацыя Беларусі немагчымая без удзелу грамадзян, развіцця каштоўнасцей і пачуцця ўласнай вартасці. Адказнасць за якасць свайго жыцця і за тое, што адбываецца ва ўласнай хаце (пад'ездзе, двары, раёне, горадзе і краіне), - неабходныя перадумовы фармавання шчаснага, згуртаванага і свабоднага грамадства.

Арганізацыі грамадзянскай супольнасці працягваюць дзейнічаць у краіне, але сутыкаюцца з цэлым шэрагам праблем. Знешнія праблемы заключаюцца ў істотным абмежаванні магчымасцей для развіцця і нізкім узроўні даверу з боку дзяржавы і грамадзян. Многія арганізацыі маюць таксама сур'ёзныя ўнутраныя выклікі:

  • Палярызацыя ўнутры грамадзянскай супольнасці на «пра-дзяржаўную» і «анты-дзяржаўную»;
  • Адарванасць ад рэальнасці (віртуалізацыя), якая выяўляецца ў слабым разуменні патрэбаў і – адпаведна – у неадэкватным прадстаўленні інтарэсаў мэтавых груп. Пэўная ступень віктымізацыі (ахвярнасці) грамадскіх ініцыятыў прыводзіць да закрытасці і непразрыстасці іх працы;
  • Змешванне грамадскай працы з палітычнымі амбіцыямі, што не спрыяе належнаму разуменню грамадзянамі ролі арганізацый грамадзянскай супольнасці;
  • Недастатковае арганізацыйнае развіццё мясцовых грамадзянскіх ініцыятыў, недахоп прафесійнага менеджменту;
  • Недахоп выразнага альтэрнатыўнага бачання (ці нават спробаў яго стварыць) таго, як можа быць вырашаная тая ці іншая праблема супольнасці; невысокая якасць паслуг для мэтавай групы;
  • Адсутнасць фокусу на трансфармацыйных працэсах як вынік адсутнасці належнай камунікацыі як унутры грамадзянскай супольнасці, так і з іншымі суб’ектамі - дзяржавай і бізнесам.

Мы спадзяемся, што пералічаныя пункты з'яўляюцца, у першую чаргу, магчымасцямі і арыенцірамі для развіцця арганізацый грамадзянскай супольнасці.